СТРАЛЬБА́ СТЭ́НДАВАЯ,
стральба з гладкаствольнай зброі шротам па лятаючых мішэнях (талерачках) на спец. пляцоўках — траншэйным і круглым стэндах; від стралковага спорту. Да 1940 наз. «стралкова-паляўнічы спорт».
Паходзіць ад трэніровачнай стральбы ў сярэдневяковай Англіі. Як від спорту існуе з канца 19 ст. У праграме Алімп. гульняў: на траншэйным стэндзе з 1900; паводле сучасных правіл (200 мішэней) — з 1952; на круглым стэндзе — з 1968. Асабіста-камандныя чэмпіянаты свету праводзяцца з 1935 на траншэйным і з 1947 на круглым стэндах; для жанчын на абодвух стэндах з 1962. Чэмпіянаты Еўропы праводзяцца для мужчын з 1955, для жанчын з 1964. Найб. пашырана ў Вялікабрытаніі, Германіі, ЗША, Італіі, Іспаніі, Польшчы, Расіі, Францыі і інш.
На Беларусі развіваецца з пач. 1920-х г. Першы чэмпіянат рэспублікі праведзены ў 1927. Зборная каманда Беларусі на VI летняй Спартакіядзе народаў СССР (1975) заняла 4-е месца. Сярод бел. стралкоў найб. вызначыліся Г.Галкін, чэмпіёны СССР: В.Вятохін (1967), Ш.Ляцьен (1971).
т. 15, с. 197
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)